Прэзентацыя дэбютнага альбома гурта “Разбітае сэрца пацана”
Дата: 18 октября 2008 (09:31) | Категория: Новости

Працу над альбомам гурт цалкам скончыў яшчэ год назад. Прэзентацыя альбома планавалася сёлета ў чэрвені, аднак дыск быў згублены. Нехта назваў гэтую гісторыю банальным піярам, нехта шчыра спачуваў. Нагадаем, на студыі альбом быў запісаны на дзве матрыцы, адну з якіх адправілі ў Расію на тыражаванне. Аднак у Маскве дыск выдаў памылку, і яго папросту выкінулі. Другая матрыца з’ехала з вакалістам гурта ў Кіеў, пасля чаго альбом выпадкова трапіў на іншы кантынент – у Чыкага.
Павел Гарадніцкі, флейтыст і вакаліст РСП: “Другі дыск Дзяніс (вакаліст і лідэр гурта РСП) даў мне, каб я ў Кіеве ў клуб занёс. А я праважаў сваю дзяўчыну ў Амерыку. І я не памятаю чаму, але я паклаў гэты дыск ёй у торбу. І дыск такім чынам паляцеў у Чыкага”.
На пошукі дзяўчыны спатрэбілася больш за месяц, яшчэ пэўны час дыск вяртаўся ў Беларусь.
Тым часам, музыкі спрабавалі адшукаць альбом на мінскай студыі “Селах”, дзе адбываўся запіс праграмы. Там высветлілася, што зведзены і адмайстраваны альбом выпадкова… выдалілі, як выдалілі і паканальны запіс усіх інструментаў і вакалаў.
На шчасце, адзіны дыск з “Розавым закатам” не без прыгодаў вярнуўся ў Беларусь і адразу быў адпраўлены на тыражаванне ў Маскву (перад гэтым было зроблена вельмі шмат копій матрыцы).
Такім чынам, амаль праз год пасля запісу альбома дыск будзе прэзентаваны. Канцэрт адбудзецца ў мінскім клубе “Гудвін” 26 кастрычніка а 18-й гадзіне. Кошт квіткоў 15 тысяч папярэдне, 20 тысяч — у дзень канцэрта. Таксама у канцэрце возьмуць удзел сябры калектыва, гурты Ананімка, Аварыйнае выйсьце і Петля пристрастия.”Так, ужо канчаткова і беспаваротна прэзентацыя абматанага пупавінай, і абмытага каляплоднымі водамі, у пакутах законнанароджанага, некалі згубленага, але ізноў здабытага ПЕРШЫНЦА адбудзецца!! Дваццаць шостага кастрычніка ён вылезе з нябыту на свет Божы ў мінскім клубе “Гудвін” ,каб СВЕТ ЗДРЫГАНУЎСЯ! Разбі скарбонку, зэканом на бухле Пакуль яшчэ ёсць ён, купі свой квіток!” — так пра прэзентацыю альбома выказаліся музыкі гурта.
Альбом “Розавы закат” складаецца з 12 песень, якія спяваюцца на сумесі дзвюх моў: беларускай і рускай. Гэта музыкі тлумачаць тым, што “трасянка” — неад’емная частка нашага жыцця.
“Дастаткова зайсці ў кожную краму, паліклініку або дзяржаўную ўстанову, і мы ў поўнай меры зможам атрымаць асалоду ад гэтага цудоўнага сугучча. Мы ўвабралі гэта з малаком маці, і фізіялагічны моўны апарат не настроены вымаўляць нешта іншае. Таму мы выступаем за прыняцце трэцяй дзяржаўнай мовы: трасянкі, і маем намер унесці сваю прапанову ў Савет міністраў”, - распавёў вакаліст і гітарыст РСП Дзяніс Тарасенка.
Канцэрт-прэзэнтацыя пройдзе ў межах кампаніі “Будзьма”
Вось што кажуць музыкі:
“Мы з радасцю далучаемся да гэтай кампаніі і заклікаем усіх быць не толькі беларусамі, але і пазітыўнымі беларусамі. Пазітыву нам вельмі не хапае зараз! Нам вельмі даспадобы, што дадзеная кампанія не падзяляе беларусаў адносна моўнага прынцыпу. Мы будзем у межах кампаніі тымі, хто спявае на трасянцы! А такіх па апошніх дадзеных каля 90 адсоткаў. Нехта ж павінен спяваць на зразумелай для ўсіх мове.”
Паслухаць песьні гурта можна на youtobe
Ілюстрацыю да альбома выканаў вядомы беларускі мастак Уладзімір Цеслер, які доўгі час супрацоўнічае з “Машиной времени” і афармляў для іх апошні альбом.
Дадатковая інфармацыя:
Трас-поп калектыў “Разбітае сэрца пацана” быў заснаваны ў сценах Універсітэта культуры ў канцы 1990-х. А задумалі такую справу два студэнты гэтай установы Дзяніс Тарасенка, вядомы па гурце “Склеп” і Саша Маленькі (пазней вядомы ды-джэй Цім Карамыслаў). Дуэт праіснаваў пару дзён, даў шэраг канцэртаў у аўдыторыі, усіх заваяваў і сышоў у нябыт да 2005 года, калі Дзяніс Тарасенка з аднакурснікам Паўлам Гарадніцкім рэанімавалі ансамбль, пакінуўшы назву, канцэпцыю, запал, цемрашальства і прылады: баян і піяніна-раяль-сінтэзатар. Калектыў стаў прабівацца на вяршыні шоў-бізнесу. “Кулькоўскія” старажылы сцвярджалі, што “так “кулёк” ніхто не рваў”. Праводзіліся акцыі “Даеш трохразавае пітаніе ў студзенчаскія масы” - канцэрт прама ў “кулькоўскай” сталовай падчас абеду, фаер-шоў з петардамі і іншы рух! У гэты час да гурта далучаецца падтанцоўка, якая часта змяняе назвы: “Гаечкі”, “Зорачкі”, “Плахішкі” (сышлі з “Харошак”), “ЭВМ” і “Расцішка”. У 2006 да калектыву далучаюцца бас-гітарыст Андрэй “Эндру” Восіпчык, вядомы па гуртах EXSIST, LONG PLAY і PARASON, бубнач Юрый Сізоў. Дзяніс мяняе баян на гітару, Паша раяль на флейту, і ў 2007 годзе ансамбль прыступае да запісу першага і пакуль адзінага альбома “Розавы закат”. У запісе прынялі ўдзел усе вышэйзгаданыя музыкі, а таксама заснавальнік гурта “Ананімка і Касіяпея” Ліберзон. Частка матэрыялу была запісаная на хатняй студыі Юрыя “Хобіта” Купрашова, а астатняе - на студыі “Селах”. У актыве гурта сярод іншых канцэрты ў мінскім “Палацы мастацтваў” з “Сашам і Сірожам”, у маскоўскім “Цэнтры імя Меерхольда”, у віленскім знакамітым клубе BiXX.


