«Басовішча»: вызначаныя ўдзельнікі конкурсу
Дата: 23 июня 2008 (12:22) | Категория: Новости

Уноч на 23 чэрвеня на «Тузіне Гітоў» скончылася інтэрнэт-галасаваньне па выбары аднаго ўдзельніка конкурснай часткі «Басовішча». Болей за ўсіх галасоў назьбіраў гурт менскі гурт Lost Regrets. Кампанію яму складуць яшчэ сем гуртоў, якія адабралі сябры журы і адна каманда з Гарадка, што сьпявае па-беларуску. Паведамляем поўны сьпіс удзельнікаў конкурснай часткі «Басовішча».
Паводле вынікаў адборачнага этапу ўдзел у конкурснай частцы «Басовішча-2008» возьмуць наступныя дзевяць гуртоў:
Выбар журы:
1. «Акропаль» (Смалявічы)
2. «Глюкі» (Магілёў)
3. «Голая манашка» (Менск)
4. intra muros (Берасьце)
5. Spita/\ь F (Беларусь)
6. TLUSTA LUSTA (Горадня)
7. «Хуткi Смоўж» (Магілёў)
Выбар наведнікаў ТГ:
8. Lost Regrets (Менск)
Беларускамоўны гурт з Польшчы:
9. Over Day (Гарадок)
(па правілах «Басовішча» беларускамоўныя гурты з Польшчы бяруць удзел у конкурсе па-за адборам)
Лава запасных (у выпадку, калі нейкі з названых гуртоў ня здолее ехаць на конкурс):
1. ZigZag (Менск)
2. «Рокаш» (Менск)
3. «Лютавер’е» (Менск)
Сёлета заяўкі на ўдзел у адборачным этапе «Басовішча» падалі 35 гуртоў, якія прадаставілі на конкурс 105 песень. Выбар рабіла журы ў складзе:
Аляксандар Памідораў, музыкант
Ігар Варашкевіч, музыкант
Сяргей Будкін, музычны журналіст
Slaver, вядомы музычны блогер
Павал Юрцэвіч, дырэктар студыі «ОСМОС»
Галасаваньне журы праходзіла ў два этапы. На першым кожны журоўца называў любую колькасьць гуртоў, якія прыйшліся яму даспадобы. Пасля першага этапу конкурс пакінулі чатыры гурты, назвы якіх не згадаў ніводны сябра журы. На другім этапе праводзілася рэйтынгавае галасаваньне – кожны журовец выбіраў 10 лепшых гуртоў і ранжыраваў іх па балах ад 1 да 10. На конкурс «Басовішча» едуць сем гуртоў, якія атрымалі найбольшы рэйтынг журы.
Як паведамілі арганізатары, журы конкурснай часткі «Басовішча» ня будзе паўтараць журы адбору. Імёны новых журоўцаў будуць названыя неўзабаве.


